Да 1992 г. працаваў у аддзеле валютных аперацый аднаго з банкаў, пазней – кансультантам эканамічных праграмаў Беларускага тэлебачання. Неўзабаве стаў вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы “Праспект” Беларускага тэлебачання.
У 1996 г. працаваў галоўным рэдактарам “Беларускай дзелавой газеты”. У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (ОРТ) (цяпер Першы канал) і ўласным карэспандэнтам ОРТ па Беларусі.
У ліпені 1997 г., падчас здымкі рэпартажу пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і адзін год выпрабавальнага тэрміну. Правёў у турме агулам тры месяцы.
У 1998 г. пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм “Навіны” і “Час” дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 г. заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы “Время”.
У 2000 г. сышоў з навінавых праграм і працягнуў працаваць на Першым канале ўжо як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у рамках інфармацыйных праграм. Канчаткова сышоў з тэлеканала ў 2008 г.
Ад 2009 г. з'яўляўся рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе “Огонёк”. У 2011 г. нядоўга быў вядоўцам перадачы “Прысуд” на тэлеканале РЕН ТВ. Ад 2012 г. вядзе блог журналіста ў інтэрнэт-газеце “Украінская праўда”. У 2012 г. стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання “Гістарычная праўда”.
Ад верасня 2013 г. да 2014 г. працаваў вядоўцам праграмы “Прав?Да!” на Грамадскім тэлебачанні Расіі. Пасля гэтага пачаў супрацоўніцтва з выданнем “Украінская праўда”, пазней стаў яго выканаўчым дырэктарам. Ад верасня 2015 г. – вядоўца на ўкраінскім “Радыё Весці”.
Павел Шарамет загінуў у Кіеве 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамабіля, які належаў уладальніцы газеты «Украінская праўда» Алёне Прытуле.